«БО́ЖЫМ ШЛЯ́ХАМ»,
грамадска-рэлігійны, літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся бел. грэка-каталіцкім (уніяцкім) духавенствам у 1947—57 у Парыжы і ў 1957—80 у Лондане на бел. мове. Асвятляў пытанні гісторыі хрысціянства, хрысціянскай царквы, царк. будаўніцтва, рэліг. адносін на Беларусі, асабліва уніяцкага руху, узаемазалежнасць рэлігіі, культуры, нац. свядомасці ў развіцці бел. народа. Асэнсоўваў ролю хрысціянскіх асветнікаў, царк. дзеячаў Ефрасінні Полацкай, Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, заснавальнікаў айч. кнігадрукавання Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, братоў Мамонічаў у станаўленні і ўзбагачэнні бел. культуры. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. становішча ў БССР, дзейнасць бел. асяродкаў на эміграцыі і інш.
А.А.Каўка.
т. 3, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)